Мелодыя школьнага вальса, словы мудрых наказаў, роздумы пра шчаслівую будучыню, слёзы развітання, удзячнасць педагогам і бацькам – усё гэта сагравала душу кожнага ўчарашняга вучня і кожнага прысутнага.
“Вы гаспадары свайго лёсу, свайго жыцця, і цалкам ад вас залежыць, якім яно будзе”, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Іванавіч Саракач. Аляксандр Іванавіч прыгадаў найбольш яркія дасягненні сістэмы адукацыі Дзяржынскага раёна. Аб поспехах у адукацыі было шмат сказана намеснікам старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандрам Сяргеевічам Чаганам. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галіна Уладзіміраўна Гапанькова падзякавала за добрасумленную вучобу, выніковасць у алімпіядным руху, інтэлектуальных і творчых конкурсах, пажадала ўсім удалага жыццёвага выбару. Намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Людміла Канстанцінаўна Лукша і старшыня грамадскага аб’яднання “Белая Русь” параілі віноўнікам урачыстасці смела пераадольваць цяжкасці, годна служыць грамадству.
Падчас правядзення раённай лінейкі ўручаны пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксею Дубатоўку, Ірыне Навіцкай (гімназія № 1 г.Дзяржынска), Лізавеце Нікалаенка (сярэдняя школа № 2 г.Дзяржынска). У гэтым годзе стыпендыятам стала Наталля Мікалаеўна Шамко, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 1 г.Дзяржынска”. Лепшыя спартсмены-выпускнікі атрымалі ў падарунак мячы.
Упрыгожваннем свята стала выступленне выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, музычныя нумары ў вучнёўскім выкананні.
…Скарбы зямлі дзяржынскай. У гэтым пранікнёным выказванні не толькі пафас, а сапраўднае пажаданне ўсяго найлепшага тым, хто заканчвае школу ў Год малой радзімы.
У добры шлях, дарагія выпускнікі!
Глядзець фотагалерэю>>>
Чытаць далей на dzr.by