17 жніўня дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Фаніпаля» гасцінна прымала Кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый «Пазнанне, інавацыі, вопыт». Правядзенне мерапрыемства ў такім фармаце стала традыцыяй для раёна.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Гапанькова адзначыла, што мерапрыемствы такога кшталту садзейнічаюць развіццю сацыяльнага партнёрства, спрыяюць удасканаленню прафесійных узаемаадносін. Мая Уладзіміраўна Цыральчук, загадчык раённага вучэбна-метадычнага ўпраўлення па адукацыі Іванаўскага раёна, запрасіла да ўдзелу ў V рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу ў верасні і ўручыла Галіне Уладзіміраўне цудоўна аформленую кнігу. «Класіку мы захавалі, але патрэбна працягваць укараненне інавацый», – падкрэсліў пачынальнік правядзення Кірмашу экс-начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вацлаў Іванавіч Матусевіч.
Работнікі сістэмы адукацыі змаглі набыць не толькі патрэбныя ў працы з дзецьмі метадычныя прадукты, але і падзяліцца каштоўнай педагагічнай практыкай. Аўтарамі і транслятарамі перадавых прафесійных ідэй і напрацовак выступілі спецыялісты сістэмы адукацыі з дзесяці раёнаў Мінскай вобласці, а таксама Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. 74 работы заяўлены для стэндавай прэзентацыі, 9 – для аўкцыёну «Прадукт года», арганізавана 15 майстар-класаў. Найлепшыя набыткі прадставілі розныя катэгорыі педагагічных работнікаў – упраўленцы, настаўнікі пачатковых класаў, настаўнікі-прадметнікі, настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі.
Гімназія г. Дзяржынска, сярэдняя школа № 1 г. Фаніпаля, Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Фаніпаля – пераможцы абласнога спаборніцтва «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» –для ўдзельнікаў свята падрыхтавалі выставы, якія адлюстроўваюць сістэму работы ўстаноў.
Педагогі перад новым навучальным годам дзякуючы выдавецтвам Аверсэв», «Пачатковая школа», «Народная асвета», «Зорны верасок», супрацоўніку рэдакцыі часопісаў «Буся» і «Вясёлка» загадчыку аддзела па сувязях з грамадскасцю Радміле Аляксандраўне Казлякевіч атрымалі магчымасць купіць актуальныя метадычныя кнігі, кнігі для дзяцей.