Акрамя віктарын, класных гадзін і квеста па жыцці і творчасці Канстанціна Міцкевіча (ён жа Якуб Колас), які мяркуецца правесці ў самым хуткім часе, 15 лістапада адбылася акцыя “Гімназія чытае Коласа”. Яшчэ не забыліся ўражанні ад кастрычніцкага пранікнёнага чытання твораў юбіляркі Марыны Цвятаевай, як у гімназічным доме загучала магутнае Коласава слова – беларускае, простае, шчырае, глыбокае… Для чытання аматары паэзіі маглі выбраць любы твор пісьменніка. І як цудоўна, што чыталіся самыя розныя вершы: сумныя і вясёлыя, жартаўлівыя і сур’ёзныя, лірычныя і грамадзянскія, дзіцячыя і “дарослыя”… Ад пяцікласнікаў да выпускнікоў – удзельнікі акцыі былі любога ўзросту.
Нават першакласніца Ксенія Хацкевіч расказала на памяць любімы верш паэта. Не засталіся ў баку і настаўнікі славеснасці. Яны з задавальненнем прадэманстравалі выдатнае валоданне родным словам, што было няцяжка зрабіць на матэрыяле вывераных часам вершаў Якуба Коласа.
Акцыя праводзілася ў форме свабоднага мікрафону, і таму была адкрытай, мабільнай, сучаснай. Яна стала сапраўдным святам для членаў клуба “Крынічка”, пацвердзіла тое, што творы класіка заўсёды гучаць актуальна, нават у ХХІ стагоддзі. Дзякуй усім арганізатарам і актыўным удзельнікам мерапрыемства! Думаецца, яно прыжывецца ў сценах гімназіі г. Дзяржынска.
Кацярына Мінько, настаўнік белаурскай мовы і літаратуры.
Смотреть фотогалерею на сайте гимназии г. Дзержинска>>>