Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата, ці мама, ці бабуля, ці дзядуля, ці добрая выхавальніца, калі бацькоў няма побач — гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на самавыражэнне, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народа. Усё гэта ёсць у казках. Открыть Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых прапрадзедаў ды прапрабабуляў з намі. Казкі — гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дома, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям. Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Ваша ўвага, Вашы абдымкі, Ваша сіла і абарона, Ваша пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям. Казкі — гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Ваша дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму. Мы з задавальненнем працавалі над гэтым праектам, каб перадаць яго Вам — і спадзяёмся, што прыгожыя і самабытныя беларускія казкі, якія Вы будзеце чытаць і слухаць разам з Вашымі дзецьмі, правы, якія Вы вывучыце разам з імі, і абавязкі, пра якія Вы пагаворыце, стануць яшчэ адным мастком да ўзаемаразумення паміж двума такімі рознымі і цудоўнымі сусветамі — дзіцячым і дарослым. Калі ў Вас ёсць сям’я — беражыце яе. Калі няма, мы спадзяёмся, што яна абавязкова будзе! Юрый Аксамітны, Прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь
|