Педагогаў раёна гасцінна сустракала дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія г. Фаніпаля”. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ганаровыя госці: намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Чаган, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вацлаў Іванавіч Матусевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Уладзіміраўна Гапанькова, старшыня Дзяржынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Мікалаевіч Ляўко.
А.С. Чаган падрабязна спыніўся на дасягненнях сістэмы адукацыі раёна, падзякаваў педагагічным работнікам за іх нялёгкую, але выніковую працу, выказаў нетрадыцыйнае пажаданне – “кожнаму педагогу знайсці партфель поспеху, шчасця”. Асаблівай цеплынёй было прасякнута віншаванне В.І. Матусевіча. “Варта ганарыцца нашымі настаўнікамі, выхавальнікамі дашкольных устаноў, педагогамі дадатковай адукацыі, якія вядуць дзяцей да поспехаў”, – падкрэсліў Вацлаў Іванавіч. Са словамі віншавання да ветэранаў педагагічнай працы звярнуўся А.М. Ляўко. За добрасумленную працу многія настаўнікі і спецыялісты адукацыі атрымалі ўзнагароды.
Менавіта падчас балю педагагічная грамадскасць раёна павіншавала настаўніка фізікі сярэдняй школы № 1 г. Фаніпаля Максіма Віктаравіча Дубіну. Максім Віктаравіч атрымаў крыштальнага жураўля за выніковы ўдзел у суперфінале конкурсу “Настаўнік года” і званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Нумары святочнага канцэрта – вакальныя, харэаграфічныя, інсцэніроўкі – на высокім узроўні падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі настаўнікаў і вучняў установы. Гасцей уразіла выканальніцкае майстэрства эстраднага спевака Генадзя Парыкіна (дарэчы, яго ўнукі вучацца ў гімназіі), выпускніка гімназіі г. Фаніпаля Аляксандра Вярковіча. Аўдыторыя з захапленнем у рэжыме караоке спявала любімыя не адным пакаленнем песні на школьную тэматыку.
Удзячныя вучні напісалі аб сваіх педагогах на форуме “Слова пра настаўніка”.
Смотреть фотогалерею>>>