Ключавой фігурай у школе, бясспрэчна, з’яўляецца вучань. Асоба, паўнапраўны суб’ект адукацыйных адносін. Па тэме «Суб’ект-суб’ектныя адносіны як аснова арганізацыі іншамоўных зносін на вучэбных занятках па англійскай мове» было падрыхтавана пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы.
Гасцінна прымала настаўнікаў англійскай мовы раёна дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 1 г. Дзяржынска». У рамках мерапрыемства праведзена дзевяць адкрытых вучэбных заняткаў, арганізаваны метадычны дыялог па праблемах выкладання прадмета.
Разам з настаўнікамі Калеснік Вольгай Міхайлаўнай, Трыфанавай Ірынай Уладзіміраўнай вучні шостага класа падзяліліся незабыўнымі ўражаннямі аб летніх канікулах. Генеалагічнае дрэва сям’і склалі вучні дзявятага класа пад кіраўніцтвам Біжака Юліі Уладзіміраўны. Тэму сяброўства найлепшым чынам раскрылі вучні Быкоўскага Віталія Уладзіміравіча. Атрымаць грунтоўныя адказы на пытанне «Што важней: знешнасць ці характар?» дапамаглі знайсці сямікласнікам настаўнікі Вайцяхоўская Аксана Антонаўна і Каразей Раіса Васільеўна. Настаўнікі Латышава Анастасія Уладзіміраўна, Латышаў Яўгеній Уладзіміравіч, Пралоўская Ірына Іванаўна скіравалі вучняў паразважаць над каштоўнасцю сапраўднага сяброўства.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі высокі прафесійны ўзровень настаўнікаў, парэкамендавалі метадычныя распрацоўкі да друку, а іх аўтарам – прыняць удзел у чарговым конкурсе «Настаўнік года».
Педагогі раёна падчас круглага стала падзяліліся вопытам работы, абмеркавалі актуальныя пытанні выкладання англійскай мовы, метадычныя матэрыялы, размешчаныя на старонках часопісаў «Замежныя мовы», «Народная асвета», зборнікаў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Асаблівую цікавасць выклікалі надрукаваныя ў рэспубліканскіх і абласных выданнях метадычныя набыткі калег з гімназіі г. Дзяржынска – Мігура Галіны Яўгеньеўны, Ціханавай Валянціны Эдуардаўны, Ракавай Таццяны Васільеўны.