Уладзімір Ліпскі.
Як забяспечыць якасць адукацыі, яе даступнасць? Якім чынам скіраваць педагога, каб ён эфектыўна працаваў з кожным вучнем, неабавязкова з выдатнікам альбо пераможцам алімпіяды? Педагагічная грамадскасць падчас другога дня жнівеньскага форуму не толькі атрымала адказы на многія хвалюючыя пытанні, але і вызначыла стратэгію развіцця адукацыі Дзяржынскага раёна.
Форум прайшоў у фармаце адкрытага дыялогу. Старшыня райвыканкама Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч высока ацаніў дзейнасць аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў устаноў і педагогаў. Мікалай Іванавіч адзначыў, што педагогі дэманструюць выніковасць у прафесійнай дзейнасці, умела раскрываюць здольнасці дзяцей, а ў раёне замацоўваюцца маладыя кадры. Шчырыя словы падзякі выказаў работнікам сістэмы адукацыі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Чаган. З найлепшымі пажаданнямі ад упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама выступіла перад удзельнікамі форуму прарэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Аляксееўна Краснова.
“Дзеці заўсёды могуць быць паспяховымі, але ўсё залежыць ад нас”, – падкрэсліў у дакладзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вацлаў Іванавіч Матусевіч. Вацлаў Іванавіч зрабіў акцэнт на масавай адукацыі, пастаяннай самаадукацыі настаўніка, ператварэнні інавацыі ў традыцыю.
Педагогі і бацькі даведаліся, як у раёне будзе развівацца робататэхніка, ці будуць змены ў правядзенні выніковай атэстацыі навучэнцаў, ці плануецца будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Дзяржынску, як можна выхаваць маральнага чалавека ў амаральных абставінах, ці можна на заняткі па інтарэсах запрашаць бацькоў, якія сучасныя формы работы прапануюцца вучням педагагічнага класа…
Сакрэтамі поспеху падзяліўся настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 г. Фаніпаля, пераможца абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” Максім Віктаравіч. Мудры паэтычны наказ даў пачынаючым спецыялістам беларускі пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Выдавецтвы прапанавалі ўдзельнікам сучасныя метадычныя матэрыялы, дапаможнікі, цікавыя кнігі для дзяцей. На выставе фотапостаў педагогі змаглі пазнаёміцца з прафесійным крэда сваіх калег, пацікавіцца іх разважаннямі аб працы з дзецьмі, філасофскімі думкамі. Аб вопыце работы педагагічных калектываў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна ўсе жадаючыя даведаліся падчас прэзентацыі ІТ-візітовак. Сапраўдным упрыгожваннем свята поруч з каштоўнымі ўзнагародамі за працоўныя заслугі сталі арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі.