29 жніўня, у другі дзень жнівеньскага форуму, які пройдзе ў Гарадскім Доме культуры, педагогі раёна абмяркуюць актуальныя пытанні развіцця адукацыі, паставяць задачы на навучальны год, акрэсляць прыярытэтныя накірункі работы педагагічных калектываў. У рабоце форуму прымуць удзел прадстаўнікі раённай улады, бацькі, ганаровыя госці. Другі дзень пройдзе пад дэвізам “Даступнасць і якасць масавай адукацыі, паспяховасць суб’ектаў адукацыйных адносін – стратэгія развіцця адукацыі Дзяржынскага раёна”.
У рамках мерапрыемства адбудзецца прадстаўленне-віншаванне маладых спецыялістаў, узнагароджанне лепшых педагогаў, выстава-прэзентацыя Дошкі гонару аддзела адукацыі, спорту і турызму. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёмяцца з ІТ-візітоўкамі ўстаноў адукацыі, атрымаюць асалоду ад выставы-конкурсу “Кветкі Настаўніку!”, выстаў народнай студыі “Мечта” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна, святочнага канцэрта.
Надзвычай плённым для педагагічнай грамадскасці выдаўся першы дзень жнівеньскага форуму 18 жніўня, які супаў з IV рэгіянальным этапам Міжнароднага Кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый “Развіццё адукацыі: ад ідэі да практыкі”. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама, сярэдняя школа № 1 г. Фаніпаля з цеплынёй прымалі калег з Мінскай вобласці, Іванаўскага, Драгічынскага, Столінскага, Пінскага, Баранавіцкага, Жабінкаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.
Удзельнікам запомніліся шчырыя словы віншавання начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Вацлава Іванавіча Матусевіча, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Рыгора Максімавіча Сысы, рэктара Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Уладзіміраўны Сітнікавай, прарэктара па метадычнай і ідэалагічнай рабоце Алены Віктараўны Даўгун, старшыні Фаніпальскага гарвыканкама Людмілы Аляксееўны Калініч, метадыста Ціхвінскага раёна Ленінградскай вобласці Аксаны Ігараўны Кузьміной.
Попытам карысталіся матэрыялы стэндавых прэзентацый, майстар-класы, аўкцыёны. На аўкцыёне аўтары (іх было 8!) змаглі прадаць метадычныя прадукты ад 10 да 300 рублёў. Самы дарагі тавар на аўкцыёне – “Вучэбны дапаможнік па арганізацыі і правядзенні заняткаў «Ад пешкі да караля»” – створаны Сяргеем Мікалаевічам Барташам, настаўнікам працоўнага навучання Тышковіцкай сярэдняй школы Іванаўскага раёна і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Зінаідай Паўлаўнай Каткавец. Набыў незвычайны дапаможнік кіраўнік з Дзяржынскага раёна – дырэктар Чэрнікаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – базавая школа Аляксандр Сяргеевіч Крыварот.
У ходзе Кірмашу праведзена 17 майстар-класаў. У ролі майстроў-практыкаў выступілі 3 педагогі дадатковай адукацыі, 2 майстар-класы арганізаваны для педагагічных работнікаў, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка (адзін майстар-клас праводзіў старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і кіравання Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Аркадзьеўна Мартынава), 5 майстар-класаў адрасавана настаўнікам-прадметнікам, 1 – па робататэхніцы на аснове Arduino, 4 – па выкарыстанні воблачных тэхналогій і стварэнні інтэрактыўных прэзентацый, дапаможнікаў для работы з дзецьмі дашкольнага і школьнага ўзросту, 1 – па фарміраванні сацыякультурных каштоўнасцяў вучняў праз інтэлектуальныя гульні, 1 – для маладых кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Найбольшую цікавасць (па колькасці прададзеных білетаў) выклікалі майстар-класы настаўніка фізікі сярэдняй школы № 1 г. Фаніпаля Максіма Віктаравіча Дубіны (“Каб дзеці хацелі вучыцца”) і настаўніка інфарматыкі Станькаўскай сярэдняй школы імя М. Казея Аляксандра Пятровіча Ларчанкі (“Школьная робататэхніка на аснове Arduino”).
На Кірмашы ўсе жадаючыя змаглі не толькі пазнаёміцца з кніжнай прадукцыяй выдавецтваў, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, але і набыць усё неабходнае для работы (каляндарна-тэматычнае планаванне, распрацоўкі ўрокаў, метадычныя дапаможнікі, слоўнікі, даведнікі, манаграфіі, кнігі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і інш.). Актыўна ўзаемадзейнічалі з педагогамі выдавецтвы “Адукацыя і выхаванне”, “Народная асвета”, “Пачатковая школа”, “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Удзельнікі Кірмашу адзначылі высокі ўзровень арганізацыі, жыццёвы і прафесійны досвед аўтараў, практыкаарыентаваны характар распрацовак.
Смотреть фотогалерею>>>