У канцы года прынята гаварыць аб дасягненнях, высокіх паказчыках, поспехах. І асабліва прыемна думаць аб прызнанні.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама атрымаў надзвычай каштоўны падарунак – падзяку ад рэдакцыі газеты “Настаўніцкая газета” за актыўны ўдзел у арганізацыі і паспяховым правядзенні прэс-тура “Настаўніцкай газеты” па Мінскай вобласці ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”.
Сур’ёзнае ж супрацоўніцтва – не толькі спецыяльна арганізаваны праект, цёплая сустрэча, грунтоўны аповед аб дзейнасці той ці іншай установы, не толькі асобнае інтэрв’ю з яе кіраўніком, а перш за ўсё сістэма работы, калі прыкладаюцца намаганні аддзела, педагогаў раёна па стварэнні актуальных матэрыялаў высокай якасці. Гэта і пастаянныя клопаты рэдакцыі аб аўтарах допісаў. У выніку актыўна транслюецца эфектыўны педагагічны вопыт, ствараюцца ўмовы для ўкаранення ў адукацыйную практыку раёна, вобласці, рэспублікі інавацыйных тэхналогій, перадавых педагагічных ідэй. Творчасць (а разам з тым і творца!) атрымлівае і маральнае задавальненне, і прызнанне калег, грамадскасці, сям’і.