Звычайныя зімовыя дні… На першы погляд яны здаюцца трохі пахмурнымі і сумнымі. Але ў сэрцы не знаходзіцца месца для меланхоліі. У паветры, быццам разважаючы аб сэнсе свайго маленькага жыцця, плаўна і лёгка кружацца зорачкі-сняжынкі. Чароўная флейта снежнай мелодыі міжволі настройвае на рамантычны лад, на творчы палёт. У такія моманты асабліва адчуваеш сябе шчаслівым, поўным энергіі і духоўных сіл, хочаш бясконца марыць, фантазіраваць і … тварыць. Напаўняць душу паэзіяй. Але якой?
“З ахвотай запаліць агеньчык рыфмы ўнутры сябе”, – скажаце вы. І будзеце мець рацыю. А калі, перш чым стварыць нешта сваё, параіцца з заўзятымі творцамі, прафесіяналамі – класікамі беларускай літаратуры? Натхніцца абсягамі іх паэтычнага майстэрства?
У кожнага з нас ёсць любімы аўтар. Той, ад каго хочацца браць прыклад і ў творчасці, і ў жыцці.
…А ўспаміны вядуць у Беларускую хатку, філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Дванаццаць гадоў назад. Такі ж снежны, ды цёплы, напоўнены радасцю і загадкавасцю быцця дзень. Прыемна ўражвае Батлейка, кранальны аповед экскурсавода пра жыццёвы і творчы шлях паэта, сама атмасфера музея, прасякнутая нацыянальным каларытам, фальклорам, пашанай да мінулага беларускага народа. І набыты за сімвалічны кошт зборнік “Вянок”. Штосьці ў душы зварухнулася – патрэбна займацца літаратурай глыбей, больш чытаць, працаваць над уласным стылем. Трэба вучыцца ў Максіма Багдановіча.
Пентаметр, санет, трыялет, рандо… Навуковая дасканаласць крытычных артыкулаў. Узор для напісання верша ці літаратуразнаўчага даследавання. Ці ж гэта галоўнае? Тэорыя літаратуры ці крытыка – гэта яшчэ не самае важнае. Куды важнейшым з’яўляецца прыклад непахіснай чалавечай волі. Багдановіч пісаў, хоць быў невылечна хворы. Спазнаваў і вывучаў беларускую мову, хоць мала жыў на Радзіме.
Яго лірычны герой паглыбляецца ў таямніцы прыроды, міфалогіі, адчувае слодыч кахання і горыч ростані. Ён надзвычай тонка ўспрымае колеры (“сінявокая ноч”, “дым сіняваты”), гукі (“конікі… звінелі”, “няголасна граць”, “прыглушоным голасам”). Герой Максіма Багдановіча дае мудрыя наказы: “Аб шыраце духоўнай дбай”, “Светлы след будзе вечна жывым”, “Рушымся, браце, хутчэй у бой з жыццём!”. Паэт вучыў сваіх сучаснікаў і вувыць нас, людзей дваццаць першага стагоддзя, клапаціцца аб духоўнасці, весці ўпартую барацьбу з жыццёвымі нягодамі, рабіць карысныя для бліжняга справы.
У народнай памяці, дзякуючы Максіму Багдановічу, навек застанецца і зорка Венера, і спрытны матылёк, і мілы музыка, і сімвалічны вобраз валошкі.
“Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы”. Вось ён, галоўны запавет і галоўны ўрок для пачынаючых і вопытных аўтараў, для чыстых душою і сумленнем людзей.