Я маю гонар у 25-ы раз з гэтай плошчы адпраўляць у дарослае жыццё выпускнікоў сярэдніх школ г.Дзяржынска і раёна. Заўсёды, як і сёння, адно адчуванне: краіну адукацыі раёна, установы пакінуць самыя разумныя, выхаваныя вучні. За гэтыя гады мы, педагогі, і вы, вучні, парадніліся, у вас – частка нашых сэрцаў, душ, нашага розуму, нарэшце – нашых жыццяў.
Калі плён працы хлебароба – у важкім коласе, духмяным бохане, поўным засеку, то плён адукацыі – у грамадзянскай, інтэлектуальнай і духоўнай сталасці выпускніка, яго прафесійным самавызначэнні і сацыяльнай паспяховасці.
Вы, выпускнікі 2016 года, атрымаеце дакумент аб сацыяльнай сталасці, дакумент-пуцеўку ў жыццё – атэстат аб сярэдняй адукацыі.
Многа намаганняў укладзена Вамі, педагогамі, бацькамі, кіраўнікамі ўстаноў, аддзелам адукацыі, райвыканкамам, упраўленнем адукацыі, Міністэрствам адукацыі, каб гэты дакумент быў важкім, меў высокую якасць, адпавядаў сусветным стандартам.
Шмат змясцілі ў сабе школьныя гады. Для Вас гэта быў час пошуку сябе, спасціжэння высокага сэнсу жыцця, яго глыбіні, змястоўнасці, прыгажосці. Вы раслі, сталелі разам са станаўленнем у свеце нашай маладой, незалежнай Рэспублікі.
Мы, дарослыя, настаўнікі, бацькі, верым, што духоўныя каштоўнасці, закладзеныя школай, родным домам, будуць апорай у Вашым выбары жыццёвай дарогі, дазволяць жыць з пачуццём адказнасці за сябе, сваю сям’ю, бацькоў, школу, Радзіму; не дадуць растраціць яго на другараднае, нікчэмнае, дапамогуць захаваць і развіць у кожным з Вас любоў да жыцця, працавітасць, міласэрнасць, міралюбства. У нашай дзяржаве ёсць усе магчымасці кожнаму з Вас рэалізаваць асабістыя планы, быць у пашане і з карысцю жыць для Айчыны.
Вы, выпускнікі 2016 года, за час вучобы ўнеслі ў школьнае жыццё раёна дух творчага пошуку, імкненне стварыць свой свет, сваю будучыню. Мы ганарымся Вамі, удзячны, што высока неслі марку вучнёўскага гонару, сваімі дасягненнямі стваралі станоўчы імідж сістэмы адукацыі.
Ад педагогаў раёна, аддзела адукацыі, жадаю Вам шчаслівай жыццёвай дарогі. Упэўнены, што за мелодыяй выпускнога балю ў Вашым жыцці будуць гучаць мажорныя мелодыі радасных падзей: паступлення і заканчэння адукацыйна-прафесійных устаноў, першага рабочага дня, стварэння сям’і, прафесійнай кар’еры, атрымання высокіх дзяржаўных узнагарод.
Мы верым у Вас, у наша шчаслівае будучае, дарагія выпускнікі 2016 года!