Сёння, 6 лютага, сто гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, перакладчыка Аркадзя Куляшова. “Спадарожнічаючы нам з дзяцінства, са школьных год, паэзія А.Куляшова нязменна хвалюе актыўнасцю ідэйнага пошуку, багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, сагравае сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяе прагу хараства”, – пісаў літаратуразнаўца і крытык Уладзімір Гніламёдаў. І сапраўды, кожны з нас памятае кнігі паэта “Сасна і бяроза”, “Хуткасць”, “Хлопцы апошняй вайны”, “Сцяг брыгады” і іншыя. Шчырасцю юнацтва прасякнуты роздум лірычнага героя верша “Бывай”. Глыбокае разуменне сутнасці паэтычнай творчасці, малой радзімы адлюстравана ў вершы “Мая Бесядзь”. Цяжкія выпрабаванні тых, чые сыны не вярнуліся з вайны, паказаны ў вершы “Маці”… На працягу 2014 года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Аркадзя Куляшова: вечарыны, экскурсіі, сустрэчы з пісьменнікамі, конкурсы, канферэнцыі і г.д. |