Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны педагагічнай працы, вучні агульнаадукацыйных школ і гімназій, а таксама найпершыя нашы памочнікі і дарадцы – бацькі!
Запрашаю вас прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў, вынесеных на форум.
Гаворка ідзе аб прысуджэнні ганаровага імя стыпендыям і прэміям спецыяльнага фонду райвыканкама для вучняў і настаўнікаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у прадметных алімпіядах, інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Стыпендыі і прэміі райвыканкама для адораных вучняў і паспяховых настаўнікаў могуць насіць імя славутага земляка, таго, хто мае дачыненне да слаўных старонак гісторыі Дзяржыншчыны, зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай навукі, культуры, педагогікі.Гэта павінна быць знакавае імя, вядомае шырокаму колу грамадзян, якое б падкрэслівала аўтарытэтнасць узнагароды і прыгожа аздабляла яе.
Хачу, каб кожны з вас глыбока ўсвядоміў значнасць гэтай падзеі. Абмеркаванне прапанаваных пытанняў павінна прайсці ў працоўных і вучнёўскіх калектывах, у сям’ях.. Дазвольце спадзявацца, што ваша слова будзе абдуманым і ўзважаным, вывераным і абгрунтаваным, а галоўнае – нераўнадушным.
Хацелася б адчуць вашу зацікаўленасць і ў тым, каб жнівеньскі педагагічны форум набыў нейкі своеасаблівы каларыт і пры ўсёй сваёй традыцыйнасці вызначаўся навізной падыходаў. Чакаю вашых прапаноў.
Начальнік аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама В.І.Матусевіч
Адказаць на пытанні Вы можаце тут: - [*СПАСЫЛКА*] -
|