28 жніўня гарадскі Дом культуры гасцінна прыняў удзельнікаў другога дня жнівеньскага форуму работнікаў адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага раёна.
Пленарнае пасяджэнне было прысвечана тэме «Ад ідэі да практыкі – ключавыя арыенціры ўстойлівага развіцця адукацыйнай прасторы раёна». На форуме пастаўлены задачы на 2018/2019 навучальны год, акрэслены прыярытэтныя накірункі дзейнасці, намечаны вектар на якасную адукацыю, стабільныя вынікі ў рабоце педагагічных калектываў.
«Устойлівае развіццё дзяржавы – прагрэсіўныя галіны эканомікі, навукі, культуры. Аднак асноўным рэсурсам па-ранейшаму застаюцца прафесійныя кадры, здольныя граматна рэалізоўваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял, добрасумленна і плённа працаваць на карысць грамадства», – адзначыў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч.
Начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галінай Уладзіміраўнай Гапаньковай дадзена высокая ацэнка ўпраўленчай дзейнасці кіраўнікоў, самаадданай працы настаўнікаў, выхавальнікаў па раскрыцці здольнасцяў дзяцей, задавальненні іх запытаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Чаган выразіў упэўненасць у тым, што сістэма адукацыі раёна ў далейшым будзе абавязкова ўтрымліваць высокую планку.
Вопытам работы ўстановы ў накірунку ўстойлівага развіцця падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 4 г. Дзяржынска Людміла Канстанцінаўна Лукша. З асаблівасцямі ўкаранення мадэлі STEAM-адукацыі пазнаёміла намеснік дырэктара гімназіі г. Дзяржынска Галіна Яўгеньеўна Мігура, арганізацыяй шахматнага ўсенавуча – намеснік загадчыка Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Дзяржынска Ірына Леанідаўна Кашынская.
З віншаваннямі з пачаткам новага навучальнага года выступілі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Уладзімір Алегавіч Бойка, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Валер’евіч Баско, старшыня Дзяржынскай раённай арганізацыі «Белая Русь» Раіса Мікалаеўна Смяян, старшыня Дзяржынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Мікалаевіч Ляўко, настаўнік гісторыі гімназіі № 1 г. Дзяржынска Наталля Мікалаеўна Шамко. Надзвычай эмацыянальнай і шчырай выдалася прамова Веры Юр’еўны Пінчук, маладога спецыяліста, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства гімназіі г. Дзяржынска.
Па традыцыі на жнівеньскім форуме ўзнагароджаны педагагічныя работнікі, прэзентавана Дошка гонару ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме.
Міжволі задумацца пра важнае значэнне малой радзімы для чалавека, тым больш педагога, дапамаглі выставы «Мая сям’я – мой гонар», «Невычэрпныя скарбы малой радзімы», «З родным краем душою з’яднаны», выстава кветкавых кампазіцый «Настаўнікамі славіцца Дзяржыншчына».